Культ продкаў і эпігенетычная памяць
Прапаную вашай увазе пост, напісаны спецыяльна для сайта svajksta.by. Распавёў пра памяць продкаў і яе матэрыяльны субстрат - эпігенетычную памяць і вы даведаецеся пра сэнс старажтнай прымаўкі: "калі бацькі вашыя елі кіслы вінаград, дык будзе кіслая аскоміна на зубах дзяцей іх".
Культ продкаў і эпігенетычная памяць |
Бунт супраць традыцый і іх знішчэнне ці абясцэньванне, які захапіў нашу краіну староддзе таму, нанёс глыбокія раны не толькі нашай гістарычнай памяці, але і нашаму здароўю.
Віхура падзей разбурыла падмурак трываласці народу, яго дзве галоўныя апоры: культ продкаў (мінулае) і культ урадлівасці (будучае).
Тут я хачу расказаць крыху пра культ продкаў і карысць ведання ўласнай генеалогіі для лепшага разумення сабе. Асабліва закрану аспекты фізічнага і псіхалагічнага здароўя.
Ёсць шмат аспектаў гэтага пытання, але спынюся цяпер только на эпігенетычнай памяці.
Уводзіны. Пра культ продкаў
Культ продкаў – адзін з самых галоўных для беларусаў, і такім ён быў ва ўсе часы. Культ – гэта пашана і памяць, традыцыі і карані. Продкі ўспрымаліся не як проста зніклыя, а як нябачна прысутныя пры кожным моманце жыцця.
Продкі – гэта заступнікі і абаронцы. У народзе няўхільна прытрымліваліся прынцыпу “перш чым сабе – продкам”. Беларусы лічылі, што пачынаць нешта важнае без іх дазволу нельга.
Продкі – гэта носьбіты гістарычнай памяці і досведу. Памяць пра продкаў утрымлівае шматлікія элементы выхавання: павучальныя гісторыі, якія тычыліся продкаў. Павага да эўрыстычнага досведу продкаў. Кансерватызм, які захоўвае гістарычную памяці і досвед, – гэта практыка, без якой немагчыма выжыць. Продкі – лепшая крыніца нашай памяці, бо мы з вамі – жывыя напаміны пра тое, што кожны з нашых продкаў быў паспяховы і здолеў пакінуць памяць і нашчадкаў. Няўжо гэты досвед не варты ўвагі?
Продкі – гэта маральны ўзор і стандарт. І быць годным сваіх продкаў вельмі важна, бо ўласныя ўчынкі чалавека адлюстроўваюць не толькі яго эгаістычныя ўчынкі, ён адказны за ацэнку ўсяго свайго роду.
Продкі – гэта лакальная гісторыя, гэта род, што жыве на пэўнай тэрыторыі і адказны за яе дабрабыт і ўладкаванне. Татэмы. Такія старадаўнія, што ўся вёска з яе шматлікімі пазародавымі адгалінаваннямі ўяўлялася адной галіной радаводнага дрэва.
Продкі – гэта жывая народная культура і яе сіла. Дотык да жывой культуры, да пульса. Я ўпэнены, што не існуе нейкай суцэльнай “нацыянальнай культуры”, яна складаецца - як арганізм з асобных клетак - з культур пэўных месцаў і родаў. Зусім іншая справа - калі вы будзеце вывучаць ці цікавіцца менавіта культурай сваіх месцаў.
Эпігенетыка ў пытаннях і адказах
Эпігенетыка – гэта сучасная навука, прадстаўнікі якой высветлілі, што значная частка нашых генаў можа быць у розным стане: быць актыўнымі ці выключанымі.
Калі генетыка вывучае, ці ёсць ген або не, дык эпігенетыка вывучае, што ўплывае на актыўнасць гену. Бо насамрэч ген можа быць выключаным, актыўным на 10 адсоткаў ці на 100 адсоткаў!
Эпігенетыка – гэта сродак нашага арганізма хутка прыстасоўвацца да зменаў у навакольным асяроддзі, бо генетычныя змены патрабуюць соцень гадоў. І таму арганізм змяняе актыўнасць генаў і перадае гэтую асаблівасць сваім нашчадкам за лічаныя гады, каб ім лягчэй было адаптавацца.
1. Якія падзеі ў нашым жыцці ўплываюць на гены? Усё, што мы робім, наш лад жыцця непасрэдна ўплывае на актыўнасць генаў. Мы можам стымуляваць актыўнасць карысных генаў і падаўляць актыўнасць адмоўных генаў, якія правакуюць хваробы з дапамогай ежы і руху. Толькі ўявіце гэта сабе. Больш за тое, гэты набытак мы можам нават перадаваць нашым дзецям! На актыўнасць генаў уплывае як і хранічны стрэс, так і востры.
2. Як працуе гэты эпігенетычны механізм? На нашых генах есць пэўныя адзнакі, якія арганізм робіць з дапамогай метылавых хімічных груп, падчас працэсу, які называецца метыляванне. Метыляванне гена, у залежнасці ад ступені, паслабляе або зусім спыняе яго экспрэсію і сінтэз бялку. Метыляваннем навукоўцы тлумачаць самыя розныя з'явы, якія нічым іншым растлумачыць немагчыма. Напрыклад, тое, што людзі носяць ўсё жыццё адбітак цяжкога дзяцінства, ці тое, як на працу генаў уплывае харчаванне, або чаму дзеці немаладых бацькоў жывуць даўжэй.
3. Памяць продкаў, ці эпігенетычная памяць – гэта не міф? Эпігенетычная памяць пацверджаная ў шматлікіх навуковых эксперыментах. Напрыклад, Раян Дыяс і Кэры Рэслер з Медыцынскага цэнтра Ўніверсітэта Эмары ў Атланце (ЗША) эксперыментальна паказалі перадачу памяці пра пах праз пакаленне мышэй - ад дзядоў да ўнукаў. Яны выпрацавалі рэфлекс у мышэй, звязалі пэўны пах з болем. І гэтыя мышы пужаліся гэтага паху. І гэты маркер дадзенага гена - паніжанае метыляванне, захоўваецца ў генах, і праз іх перадаецца наступнаму пакаленню. Нашчадкі гэтых мышэй таксамі пужаліся і баяліся гэтага паху ў другім і ў трэцім пакаленні! Навукоўцы выключылі ўсе астатнія магчымасці альтэрнатыўна растлумачыць гэта, страх передаваўся нават без фізічнага кантакту, пры экстракарпаральным (пазацелавым) апладненні.
4. Памяць па мужчынскай лініі і па жаночай – адрозніваюцца? Яны прынцыпова розныя. Бо полавыя клеткі жанчыны не змяняюцца з моманту яе нараджэння, а вось сперматазоіды аднаўляюцца кожныя 3 месяцы. Таму бацькаў досвед перадаецца нашмат верагодней і ў большым аб’ёме. Гэтая эпігенетычная схема працуе толькі для “бацькавай” і “дзедаўскай” памяці , а не для “мацярынскай” . Чаму? Таму што набытыя на працягу жыцця змены ДНК перадаюцца ў сперматазоіды, але не перадаюцца ў яйцаклеткі. Паміж развіццём тых і іншых ёсць прынцыповая розніца - сперматагенез адбываецца на працягу ўсяго жыцця мужчыны, а жанчына нараджаецца з ужо поўным наборам яйкаклетак.
5. Ці маці мае малы эпігенетычны ўплыў? Настрой, стрэс, гарманальны фон маці ш перыяд з моманту ўзнікнення цяжарнасці і да 5 год крытычна ўплывае на актыўнасць генаў дзетак на ўсё іх жыцце. Найбольш нізкія ўзроўні картызолу (гармон актыўнасці) адзначаліся ў дзяцей, якіх нарадзілі мацеркі з посттраўматычнымі праблемамі, зведаўшы псіхічную траўму ў трэцім трыместры цяжарнасці. Гэтыя звесткі паказваюць, што фіксацыя гарманальнага статусу адбываецца вельмі рана, хутчэй за ўсё, яшчэ да нараджэння, і, ва ўсякім выпадку, у дамаўленчым стане немаўлятаў.
Клапатлівы і ласкавы падыход маці да дзіця выклікае эпігенетычную перабудову гену: узровень метылявання ДНК ў клапатлівых і няўважлівых маці быў розны. Гэтыя адрозненні ўзнікалі на працягу першага тыдня жыцця і былі адносна стабільныя на працягу астатняга жыцця. Навукоўцамі вызначана больш за 900 генаў, якія змяняюць сваю актыўнасць у залежнасці ад матчынага клопату. Прыкладам такога наследавання з’яўляецца павышаная рызыка хвароб у дзяцей галандскіх жанчын. Гаворка пра павышаную схільнасць да дыябету і атлусцення ў дзяцей і ўнукаў галандскіх жанчын, якія перажылі знакаміты голад зімой 1944 года.
6. Колькі пакаленняў трывае эпігенетычная памяць? Яна існуе толькі да 3-4 пакаленняў. Цікава згадаць цытату са “Старога запавету”:
“Я Гасподзь, Бог твой, які карае дзяцей за віну бацькоў да трэцяга і чацьвертага пакаленняў, што ненавідзяць мяне” (Ісход, 20-5), тут таксама гаворка пра такую ж колькасць пакаленняў, як і ў эпігенетыцы.
У нашчадкаў ахвяраў згаданага галандскага голаду зменаў у эпігенетычным малюнку ў другім пакаленні не было, хоць актыўнасць генаў яшчэ адрознівалася. Верагодна, да трэцяга-чацвёртага пакалення гэтыя змены знікнуць зусім. Гэта добра ўзгадняецца з адным з асноўных пастулатаў эпігенетыкі: набытыя прыкметы могуць быць устойлівымі, нават перадавацца нашчадкам у некалькіх пакаленнях, але яны не будуць пастаяннымі, як гэта здараецца з мутацыямі генаў, якія захоўваюцца бясконца доўга.
Высновы
ты пакладзеш падмуркі для многіх пакаленняў.
І будуць называць цябе тым, хто напраўляе праломы,
аднавіцелем сцежак для засялення.
Іс 58, 9b — 14
Гэты агульны - наш і нашых продкаў - вопыт становіцца часткай нас, малекулярны “асадак” трывала “прыліпае” да нашай генетычнай структуры. Клеткі ДНК застаюцца нязменнымі, але нясуць з сабою атрыманыя ў спадчыну ад нашых продкаў псіхалагічныя і паводзінныя тэндэнцыі.
Траўматычны досвед у нашым жыцці (як і ў жыцці нашых продкаў) пакідае такія “малекулярныя шнары”. Дарослыя любой нацыі, якія выраслі у няўдалых сем'ях, дзе злоўжывалі алкаголем ці здзяйснялі гвалт, не проста памятаюць пра гэта, але нясуць у сабе негатыўную генетычную памяць.
Зразумела, што досвед можа быць не толькі негатыўны. Нашы гены нясуць пазітыўныя эпігенетычныя маркеры мужнасці, гонару, інтэлекту, сумленнасці. І гэты дарунак – таксама нам ад продкаў.
На жаль, большасць сучасных беларусаў пазбаўленыя гістарычнай памяці. Амаль стагоддзе здзяйсняецца планамернае знішчэнне культу продкаў і гістарычнай памяці. Самае страшнае, што асабіста мы ўдзельнічаем у гэтым.
Такі псіхалагічны механізм называецца “выцясненне” – калі траўма цяжкая, мы хочам забыць пра ўсё, што з гэтым звязана. Таму ўсё траўматычнае падсвядома хочацца забыць.
Але забываючы адмоўнае, мы адмаўляемся і ад сваіх каранёў, і ад досведу. Часам чалавек амаль свядома знішчае сямейную памяць, спальваючы фотаздымкі і старыя дакументы, бо ў яго страх захоўваецца дагэтуль. Тут маем адчуванне віны і ў якасці сродку заглушыць гэта - жаданне разарваць гэты цяжар і адказнасць. Але гэта немагчыма скінуць Калі мы забудзем продкаў, дык і так і не зразумеем, хто мы.
Комментарии